Ryčard Humel (ryczard_humel) wrote,
Ryčard Humel
ryczard_humel

НасамрЭч насАмрэч?!

Сёньня — колькісотага разу за ўжо колькі гадоў! — пачуў паскуднае ў сваїм выкрыўленьні самога духу нашага вымаўленьня слова наса́мрэч.
Помню, як перасмыкала мяне ад яго яшчэ ў канцы дзевяностых — “наса́мрэчыла” ў тым ліку і неабыякавая мне дзевачка, то раз быў даволі жорстка яе паправіў, сказаўшы, што “нахапалася ад Вольскага”. Так, Вольскі таксама вычвараўся з нармальным беларускім словам (дарэчы, наагул, у яго далёка не такое бездакорнае вымаўленьне, як некаторым падаецца).
Але-ж што гэта за слова такое, і скуль я ўзяў, што наса́мрэч няправільна, мо’ тут нейкая адмена, як зь вядома-ведама?
У by_mova некалі абмяркоўвалі, адкуль яно ўзялося: http://by-mova.livejournal.com/1078230.html.
Сам я ня думаю, што насамрэч скалькавалі або пазычылі з українскае чы расійскае, таму няма жаднага пацьверджаньня, а слова гэтае ўдала кладзецца ў сыстэмнасьць нашае мовы побач з насамперш і ( у слоўніках няма) насампярод (з адпаведным їм націскам — на апошні склад), побач зь їншымі словамі й выразамі з коранем рэч.

Слова само-сабою ўсё-такі кніжнае, я і сам успрыняў яго адкульсьці чы з тэкстаў, чы проста з гарадзкіх рэяліяў, а не “падняў з глебы”, не пачуў у маленстве. І, як-бы яно мне ні падабалася, не хацеў-бы, каб насамрэ́ч сталася-б чарговым “унівэрсалізмам”, якое выкіне з ужытку мноства нармальных народных слоў: запраўды (сапраўды), напраўду, дапраўды, папраўдзе.
У ТСБМ яго няма. Ня ведаю, як у перавыданьні ТСБЛМ ’16 году, але ў старым ТСБЛМ яго, падаецца, таксама не было, як і ў акадэмічных БРС і РБС. Ясная рэч, што і ў дыялектных слоўніках яго няма. У “Артаграфічным слоўніку” Нашай Нівы яно падаецца чы не ўпершыню — націск на апошні склад! Ёсьць яно ўжо ў “Польска-беларускім слоўніку” Я. Волкавай і В. Авілавай (Беларуская Энцыклапедыя, 2004). І нарэшце, насамрэч унесена ў новы “Слоўнік беларускай мовы” (Беларуская навука, 2012) — вядома-ж, зноў-такі з націскам на апошнім складзе, як і мае быць. Таму й розных думак нават быць ня можа — так, і толькі так!

Калі скажуць: сьмешна, што якраз я апэлюю да аўтарытэту ахвіцыйнага слоўніка, то адкажу, што дапускаю адступленьні ад літаратурнага вымаўленьня. Адступленьні, якія ґрунтуюцца на нейкай народнай, гаварковай глебе. Слова насамрэч, як ужо разьберлі, такое глебы і адменьнікаў у гаворках ня мае. Сам гук [е] па [р] пасьля націску цалком пярэчыць беларускаму вымаўленьню (нават пераднаціскны вымавіцца ямчэй). І нават калі дапусьціць пабочны націск, то мусіць быць і асноўная акцэнтацыя — на корані рэч. Між тым, “знаўцы” пралезьлі ўжо і замежнікам сваю нісянеціцу ў в’ушы пхаць: на Forvo выкладзены тры вымаўленьні слова насамрэч — і толькі адно правільнае, адно зь яўным націскам на –сам- і адно з асноўным на –сам- і пабочным на –рэч. Брыдкая абмылка шырыцца!  https://ru.forvo.com/word/насамрэч/#be Нідзе ў гаворках жаднага наса́мрэч няма, таму такое вымаўленьне толькі паскудны выблюдак людзкое недазнанасьці, ляноты і малпаваньня, які ня мае права на жыцьцё.

Пабачыце яго — зьнішчайце!

Яшчэ раз: насамрэ́ч, насамрЭч, НАСАМРЭ́Ч!
Tags: Беларуская мова
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • ЯЙЦО, ЯЙКА і їншая весялосьць

    ’От яно надоечы чалавек мяне выправіў, калі я сказаў "яйцы". Курыныя я наўвеце меў. Яйкі — так толькі пабеларуску,…

  • Да 400-годзьдзя сьмерці майстара Шэйкспіра

    Учора было чатыраста гадоў як памёр Ўільям Шэйкспір. Genius. Найзнакаміцейшы выдатны драматурґ, які многімі прызнаецца ці не за найлепшага…

  • -СКИЙ

    Мяне ’от такая рэч цікавіць... Чаму Расійцы, калі ня тычыцца Беларусаў, могуць перадаваць прозьвішчы сваїх-жа з канчатковым хармантам -ски:…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

  • 2 comments