April 24th, 2020

Да 400-годзьдзя сьмерці майстара Шэйкспіра

Учора было чатыраста гадоў як памёр Ўільям Шэйкспір.
Genius. Найзнакаміцейшы выдатны драматурґ, які многімі прызнаецца ці не за найлепшага пісьменьніка ў гісторыї чалавецтва.
Але-ж, напэўна, няварта й пісаць нешта пра ягоную значнасьць і каштоўнасьць, няхай там і з асабістых пазыцыяў, бо гэта значыць рызыку гаціць гаць суцэльна їз труїзмаў. Адылі-ж хочацца адзначыць пэўныя моманты. Надоечы зноўку натрапіў у сеціве на чарговыя вінавачаньні Шэйкспіра (дзякуючы гэтаму ї дату ўчорашнюю сабе адзначыў), прытым у рамках дурное рыторыкі даводжаньня тэзы чынам некарэктнага параўнаньня. Захацеў чалавек абараніць упадабанага їм гаўнянага аўтара, якога абвінавацілі разам зь їншым у немені сваїх ідэй, убогай другаснасьці, "пляґіяце" (гэта быў насамрэч перабор) — значыць трэба абвінаваціць у пляґіяце прызнаную велічыню, заразом апляваўшы яе, дзей, а што такога ў тым Шэйкспіру, упадабаньне мільёнаў мух ды годзе!
І, ведама-ж, з пэўнай пэрыядычнасьцяй чытаю, а то й чую вельмі сьвежыя сьцьвярджэньні, што "Шэйкспіра" відаць і ня Шэйкспір напісаў — гэтая "Санта-Барбара" ізь зьменамі актораў у галоўных ролях і мэлядраматычнымі паваротамі сюжэту больш за паўтара стагодзьдзя доўжыцца (дарэчы, прывітаньне табе, Іванку!)
Што да пляґіяту, то тут хіба што credo quia absurdum, бо выкарыстаньне старога сюжэту ня ёсьць ім нават у цяперашнім разуменьні. У Шэйкспіраў-жа час наагул новыя гісторыї ўважаліся не зусім comme il faut. Як пісаў А. Смірнов: "Не забудзьма, што ў гэную эпоху найлепшай рэкамэндацыяй нейкай гісторыї ўсё яшчэ была (як і ў Сярэднявеччы) ня ейная навіна, а їменна спасыл на то, што яе ўжо апавядалі раней". Таму цалкам няважна, адкуль майстар Ўільям выкапаў канву "Ромэо ї Джульеты" — у Бандэллё ці ў Брука, як і заразом няважна, які быў адсотак "неарыґінальных сцэнароў" у вялікага драматурґа — 98, ці нават усе 99.
Зрэшты, любому, хто сяк-так разьбіраецца ў мастацтве, думаю, мусіць быць відав’очна, чаму Олдысаў "Dracula Unbound", ці Гарысонаў "A Transatlantic Tunnel, Hurrah!" ня ёсьць пляґіятам, а в’ось Андэрсонаў "Operation Chaos" вельмі выдае на такі ў стасунках да Гайнлайнавае  "Magic, Inc." Ці, калі ўзяць кіно, ясна, чаму Куросава не "спляґіяціў" свайго "Цела’хоўніка" з раману Дэшыла Гэмэта, а Сэрджо Леонэ акурат стварыў сваю — цудоўную! — "Жменю даляраў" чынам пляґіяту вышэй аказанае хвільмы (і не спрачайцеся — судом было вырачана).
Наконт "зрываньня пакроваў" з несумленнага ймя неадукаванага быдла Ўільяма Шэйкспіра, якое служыла адно шырмаю для выданьня твораў Франсіса Бэйкона, ґрапа Оксфорда, ці ўваскрослага бы Хрыстос Марлоў, альбо каго яшчэ з в’асьмі дзясяткаў кандыдатаў (немалы кастынґ, га?) на гэтую ролю, а то ї ўсіх разам, дык тутака песьня яшчэ больш вясёла-тужлівая. Шыхты марґінальных змагароў за справядлівасьць, пры тым, што й сярод їх пападаліся людзі адэкватныя, агулам выклікаюць пачуцьцё сьмяшлівае агіды і падаюцца лёгкімі вар’ятамі, меншымі за выкрывальнікаў ZOG, але значна большымі за якіх-небудзь крыптазаёляґаў. Адных магіл было ўскрыта колькі штук — і колькі ’шчэ не далі! — шукаючы паводле "разгаданых" пабачаных у чым-хоця пасланьняў поўнага шэйксьпіраўскага кодэксу й раскрыцьця ўсіх таямніц з наступным скіданьнем ілжэкуміра. Яра патрабую расьцерабіць Маўзалей, бо паводле апошняе "Нашае Нівы" разгадаў, што ў їм ляжыць сакрэт панацэї а рысункі бескаштовае кібарґізацыї чалавечага цела!
Пэўна, казаць, якога гледзішча наконт аўтарства Шэйкспіравых тэкстаў пільнуецца акадэмічная нав’ука, няварта.
Мяркую, гэтыя так часта страканыя мною напады на Шэйкспіра ёсьць удзельным выпадкам праявы абывацельскае хваравітае цягі кагосьці "разьвянчаць" у мастацтве. І "Чорны квадрат" кожны сабака намаляваў-бы, і Джаконда не такая джакондзістая, і Пушкін у Міцкевіча сьпісваў, і клясыка беларуская ўся цалком унылая а ўбогая… Я не кажу, што шырока прызнаныя велічыні і зачапіць ані-ні нельга, але-ж усе гэтыя дачэпкі часьцей за ўсё ня маюць нічога агульнага з крытыкаю, абґрунтаваным узважаным выказам свае асабістае думкі. Так… паскокаць, паплявацца, паматляць рукамі, пакідацца пэўнай субстанцыяй… Ды ўсесьціся назад у крэсла мілавацца блізкімі сэрцу хвоташпалерамі зь бярозкамі, чытаючы чарговае хвэнтэзы з дэсантнікамі-пападанцамі.
Ну, а я в’ось Фолкнэра не разумею. І бачу, што недарэмна ўзьняты і ўхвалёны, а не разумею. Ня торкае. Мо’ "разьвянчаць"? Не, лепш перачытаць "Гамлета" — там такая масакра ўсё-т’кі — што той hard-boiled detective!