Ryčard Humel (ryczard_humel) wrote,
Ryčard Humel
ryczard_humel

СУМНЫЯ НАВЕДЗІНЫ…

В’ось і абарвалася нітка, якая шчыльна зьвязвала мяне з Клецкам… Едучы туды начным цягніком, падумалася… што для нас родныя мясьціны? Я, хоч нарадзіўшыся ў Менску, успрымаю Клецак родным, Горадно мне аніяк не чужое таксама, гэта ўсё крэўнасьць; ну й сталіца, хоч я ўсё больш перастаю яе любіць, ня можа не кранаць нейкіх струн унутры, не выклікаць любасьці, асабліва маё прадмесьце, дзе жыву, хоч і нацярпеўся ў їм калісьці. Заўжды, разьяжджаючы на цягнікох ды гледзячы ў акно, я адчуваю сувязь. Сувязь з дамкамі, хаткамі, бывае, ґмахамі, што назіраю. Я магу паняць і ўспрыняць, што за людзі там жывуць, што їх турбуе... Не скажу, што багата дзе пабываў па Беларусі, але ўсё-такі пабываў у розных мясьцінах і пэўная сувязь ды роднаснасьць між їмі адсочваецца, асабліва тут маю мястэчкі, не буйныя месты. Таму, едучы міма якогась засьценка, адчуваеш цеплыню ў душы, нібыта там жыве нехта табе знаёмы й блізкі… Пэўне, з гэтага ласьне й складаецца першасна глыбінная, падспудная любоў да роднае країны, на нейкім простым падсьвядомым роўні — тут без сымболікі, ідэялёґії чы чаго такога їншага.

Хоч маё прабываньне ў Клецку было занадта тужлівае, але ня мог я "закрыць" в’ушы ды розум а не пачуць нечага. Скажам, чарговага разу пераканаўся, што не, памяць і сумленьне мяне не падводзяць, калі кажу некаторыя рэчы. Зразумеў нешта. Я ’от быў удаваўся — чаму прывык казаць загадзя́ адметна ад літаратурнага за́гадзя (сумняваўся ў сабе, чы так у нас кажуць, чы нямаведама скуль яно ў маїм маўленьні ўзялося) — што-ж, пачуў нават загадзе́! Пераканаўся чарговага разу, што ў нас садзЕцеся, бярЭце (загадны лад), памЕрла, а не памЁрла, калодзезь (як і ў слуцкіх гаворках), а не калодзеж, канеЧне, а не канеШне. (У нас — то-бок я пра Клеччыну). Пачуў оканьне ў пасьлянаціскных адкрытых складох (зьява не характэрная для самога мястэчка Клецку, але ў Клецкім павеце кажуць і так, ня кажучы пра суседнія, дый распаўсюджаная па ўсім абшары Паўднёва-заходняга дыялекту). Пачуў троху й тыя пакутныя закрытыя галосныя, аб якіх хто ня ведае, а хто, ведаючы толькі з кніг, пасьпеў адхрысьціцца. Нечага й не пачуў, але ўпэўненасьці, што памяць і чуцьцё не падводзяць, на мікрон паболела. Дый наагул, у трудны для сябе час пасядзець-пагутарыць за сталом зь людзьмі, якія прыродна беларускамоўныя без "прыбамбасаў", было нейкаю палёгкаю…

Уяжджаў раньнім ранкам у Клецак — была завіруха. Зьяжджаў днём — усё таяла. Прадвесьне — яно такое. Можа, і для натуральнае мовы ня ўсё згублена?

А Клецак я, пакуль жывы, усё адно наведвацьму…


Tags: Беларуская мова, Дыялекты
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

  • 0 comments