Да 400-годзьдзя сьмерці майстара Шэйкспіра

Учора было чатыраста гадоў як памёр Ўільям Шэйкспір.
Genius. Найзнакаміцейшы выдатны драматурґ, які многімі прызнаецца ці не за найлепшага пісьменьніка ў гісторыї чалавецтва.
Але-ж, напэўна, няварта й пісаць нешта пра ягоную значнасьць і каштоўнасьць, няхай там і з асабістых пазыцыяў, бо гэта значыць рызыку гаціць гаць суцэльна їз труїзмаў. Адылі-ж хочацца адзначыць пэўныя моманты. Надоечы зноўку натрапіў у сеціве на чарговыя вінавачаньні Шэйкспіра (дзякуючы гэтаму ї дату ўчорашнюю сабе адзначыў), прытым у рамках дурное рыторыкі даводжаньня тэзы чынам некарэктнага параўнаньня. Захацеў чалавек абараніць упадабанага їм гаўнянага аўтара, якога абвінавацілі разам зь їншым у немені сваїх ідэй, убогай другаснасьці, "пляґіяце" (гэта быў насамрэч перабор) — значыць трэба абвінаваціць у пляґіяце прызнаную велічыню, заразом апляваўшы яе, дзей, а што такога ў тым Шэйкспіру, упадабаньне мільёнаў мух ды годзе!
І, ведама-ж, з пэўнай пэрыядычнасьцяй чытаю, а то й чую вельмі сьвежыя сьцьвярджэньні, што "Шэйкспіра" відаць і ня Шэйкспір напісаў — гэтая "Санта-Барбара" ізь зьменамі актораў у галоўных ролях і мэлядраматычнымі паваротамі сюжэту больш за паўтара стагодзьдзя доўжыцца (дарэчы, прывітаньне табе, Іванку!)
Што да пляґіяту, то тут хіба што credo quia absurdum, бо выкарыстаньне старога сюжэту ня ёсьць ім нават у цяперашнім разуменьні. У Шэйкспіраў-жа час наагул новыя гісторыї ўважаліся не зусім comme il faut. Як пісаў А. Смірнов: "Не забудзьма, што ў гэную эпоху найлепшай рэкамэндацыяй нейкай гісторыї ўсё яшчэ была (як і ў Сярэднявеччы) ня ейная навіна, а їменна спасыл на то, што яе ўжо апавядалі раней". Таму цалкам няважна, адкуль майстар Ўільям выкапаў канву "Ромэо ї Джульеты" — у Бандэллё ці ў Брука, як і заразом няважна, які быў адсотак "неарыґінальных сцэнароў" у вялікага драматурґа — 98, ці нават усе 99.
Зрэшты, любому, хто сяк-так разьбіраецца ў мастацтве, думаю, мусіць быць відав’очна, чаму Олдысаў "Dracula Unbound", ці Гарысонаў "A Transatlantic Tunnel, Hurrah!" ня ёсьць пляґіятам, а в’ось Андэрсонаў "Operation Chaos" вельмі выдае на такі ў стасунках да Гайнлайнавае  "Magic, Inc." Ці, калі ўзяць кіно, ясна, чаму Куросава не "спляґіяціў" свайго "Цела’хоўніка" з раману Дэшыла Гэмэта, а Сэрджо Леонэ акурат стварыў сваю — цудоўную! — "Жменю даляраў" чынам пляґіяту вышэй аказанае хвільмы (і не спрачайцеся — судом было вырачана).
Наконт "зрываньня пакроваў" з несумленнага ймя неадукаванага быдла Ўільяма Шэйкспіра, якое служыла адно шырмаю для выданьня твораў Франсіса Бэйкона, ґрапа Оксфорда, ці ўваскрослага бы Хрыстос Марлоў, альбо каго яшчэ з в’асьмі дзясяткаў кандыдатаў (немалы кастынґ, га?) на гэтую ролю, а то ї ўсіх разам, дык тутака песьня яшчэ больш вясёла-тужлівая. Шыхты марґінальных змагароў за справядлівасьць, пры тым, што й сярод їх пападаліся людзі адэкватныя, агулам выклікаюць пачуцьцё сьмяшлівае агіды і падаюцца лёгкімі вар’ятамі, меншымі за выкрывальнікаў ZOG, але значна большымі за якіх-небудзь крыптазаёляґаў. Адных магіл было ўскрыта колькі штук — і колькі ’шчэ не далі! — шукаючы паводле "разгаданых" пабачаных у чым-хоця пасланьняў поўнага шэйксьпіраўскага кодэксу й раскрыцьця ўсіх таямніц з наступным скіданьнем ілжэкуміра. Яра патрабую расьцерабіць Маўзалей, бо паводле апошняе "Нашае Нівы" разгадаў, што ў їм ляжыць сакрэт панацэї а рысункі бескаштовае кібарґізацыї чалавечага цела!
Пэўна, казаць, якога гледзішча наконт аўтарства Шэйкспіравых тэкстаў пільнуецца акадэмічная нав’ука, няварта.
Мяркую, гэтыя так часта страканыя мною напады на Шэйкспіра ёсьць удзельным выпадкам праявы абывацельскае хваравітае цягі кагосьці "разьвянчаць" у мастацтве. І "Чорны квадрат" кожны сабака намаляваў-бы, і Джаконда не такая джакондзістая, і Пушкін у Міцкевіча сьпісваў, і клясыка беларуская ўся цалком унылая а ўбогая… Я не кажу, што шырока прызнаныя велічыні і зачапіць ані-ні нельга, але-ж усе гэтыя дачэпкі часьцей за ўсё ня маюць нічога агульнага з крытыкаю, абґрунтаваным узважаным выказам свае асабістае думкі. Так… паскокаць, паплявацца, паматляць рукамі, пакідацца пэўнай субстанцыяй… Ды ўсесьціся назад у крэсла мілавацца блізкімі сэрцу хвоташпалерамі зь бярозкамі, чытаючы чарговае хвэнтэзы з дэсантнікамі-пападанцамі.
Ну, а я в’ось Фолкнэра не разумею. І бачу, што недарэмна ўзьняты і ўхвалёны, а не разумею. Ня торкае. Мо’ "разьвянчаць"? Не, лепш перачытаць "Гамлета" — там такая масакра ўсё-т’кі — што той hard detective!


-СКИЙ

Мяне ’от такая рэч цікавіць... Чаму Расійцы, калі ня тычыцца Беларусаў, могуць перадаваць прозьвішчы сваїх-жа з канчатковым хармантам -ски: гэта псэўдапісьменьніца Робски, добры расійскі мовазнаўца Александр Пиперски. А Беларусаў (sic!), у якіх якраз -скі, то абавязкова праз -ский перадаюць: Шпаковский, Новицкий.
Што, тут -ски ўжыць рэліґія не дазваляе?

І, трошачку ўбок, маё прозьвішча і парасійску мусіць быць Шмялёв, а не Шмелёв

Грузьнік і даньнік

Я сам ня любца харманта -чык, але... Якія сьмешныя бываюць псэўдапурыстыя із сваёй мэханічнай заменай -чык на -нік. Грузьнік мяне дзіка расьсьмяшыў, але ’ось яшчэ задачка: як пры такіх умовах їм перадаць слова датчык? Датнік? Даньнік? Чы выбрыкнуцца да "паказальнік (паказьнік"), што будзе ня менш сьмешна?

ЯК КУПЛЯЕЦЦА КУРЫВА Ў МЕСТАХ х120 кэмэ

Усё-такі, адурэць!
Больш за месяц быў у Клецку... Прыехаў у Менск — і ў першы-ж дзень пачуў "прад’яву" ""гавары паруску". Не, гэта нармальны, ненекультурны чалавек быў, я яму расказаў троху пасьля, што так казаць ня трэба...
Але што-ж мяне зь Зямлі на нейкі Марс ласьне пераносіць вечна, што я не магу без пытаньняў у сваёй мове гутарыць, каб не было...эээ! ... а хоць чаго!

Тут, тлумачачы груба...

Як я купляю цыгарэты ў Клецку:

— "Астра есьць? А, калі не, дык Прымы дайце"
— Астры няма, Прыма толькі.
— Але, "Прыма" пойдзе, два пачкі, калі ласка!"
— В’ось.
— Дзякуй!
— Няма за што."

А ў Менску (ясна, што не заўжды, але бывае й так)...

"— Астры й Прымы ў вас няма... ну дык дайце мне Прэм’ер-чырвоны...
— ЧагОО?
— Прэм’ер...
— КакоОй? Я ні панімаю, маладой чалавек, парускі гаварыце!
— КрЭЭпкі!
—Кріепкі — эта значыць красныый?
— Так, стоп, дайце кнігу скаргаў!
.....
— Ана ў адміністратара!
— ДЫК ДЗЕ ВАШ МЭНЭДЖАР?.. (et ctr? et ctr) ...
— Падаждзіця, яё нету...
— Так, усё, хрэн на вас, дзе..."



Мараль праўдзівага хварса панятна...

(no subject)

Мова — бясспрэчна, сыстэма, сыстэмны арґанізам. Але перабольшваць ейную сыстэмнасьць усё-такі ня варта.

Няможна (хіба што ў хвантасмаґорыї) уявіць сабе дом, дзе коміна была-б у дзьвярах, хранцускае акно ў ватэр-клязэце, а сходы вялі-б у глухі мур. Але-ж і дом з абсалютнай сымэтрыяй, у якім былі-б прытым цалкам аднолькавыя памяшканьні, — гэта таксама нікуды ня варта.

Беларуская, безумоўна, — вельмі сыстэмная мова, але, паўтаруся, ня трэба перасольваць. Мова — арґанізам ня толькі сыстэмны, але й жывы. І ў кожнай е свае "няправільныя дзейнікі". Гэта й надае мовам смак, пах зелені й ветру, дарогі пасьля дажджу.

А многія нашы пурыстыя якраз-такі, як мне падаецца, сыстэмнасьць беларускае перабольшваюць, у тым ліку й дужа паважаны мною чалавек, як я ўважаю, харужы сучаснага беларускага пурызму.

Ах, ну як цікава такі бывае... Чаго толькі мне не накідваюць. Я то моўны "радыкал", "люты нонкамфарміст" бывае, то "рэтраград" і "канфарміст"... Добра, калі ня ўсё гэта разам!
Дык гэтакае мяне толькі радуе, бо я не выступаю за нейкія "правапісы", чы "стандарты". Мова — стыхія. Стыхія, якая можа ў пэўнай меры быць апісанаю і НАВАТ упарадкаванаю, але трэба заўжды разглядаць — што, калі, дзе. Мова — сыстэма, сусклад, які пры гэтым не "паверыш" голаю матэматыкаю. І сыстэматызаваць яе можна, помнячы толькі: што, калі, дзе.
А вінавачаньні праціўныя, з двох бакоў — яны, акром таго, што нагадваюць мне: "трэба працаваць!", яшчэ й іграюць нейкую нотку ў маёй душы, бывае: ня ўсё так пагана, у нечым я такі ды праў (можа быць і праў)!

Любыя "ноткі" я, само-сабою, стараюся душыць, бо яны ненав’уковыя (хоць і я не нав’уковец). Але-ж... можа розныя такія ноткі й даюць таксама траха сілаў нешта рабіць у гэтым стылым сьвеце...

ПАЖАРНЫЯ і ПАЖАРНІКІ...

’От ня так даўно сядзеў быў ды з братам сваїм спрачаўся: даводзіў яму, што пабеларуску нармальна казаць пажарнік у значэньні "той, хто, будучы на службе, гасіць агонь". А ён мне, маўляў, не, толькі пажарны… Ну, як найперш, Тлумачальны нам у дапамогу…

Пажарны https://www.skarnik.by/tsbm/52739
Пажарнік https://www.skarnik.by/tsbm/52736
Як бачым, ніякіх значэньняў слова пажарнік як "пагарэлец" ТСБМ не падае…

І досьвед мне мой моўны падказвае, што пагарэльцаў пагарэльцамі й называюць... але "досьвед" — што? Нішто! Смага — усё!

"А в’от пажарныя так ня кажуць, у їх не прынята…"
У якой мове не прынята? Ласьне ў беларускай?

Такі надоечы, захапіўшы быў перачытаць з Клецку кніжку Ґіляровскія "Москва и москвичи" — і што там бачу?
"— Пожарники едут! Пожарники едут! — кричит кучка ребятишек.
В первый раз в жизни я услыхал это слово в конце первого года империалистической войны, когда население нашего дома,особенно надворных флигелей, увеличилось беженцами из Польши." — Ну, мы разумеем, што пад Польшчаю, як заўжды ў Расійцаў, мелася ня толькі (а то й выключна не) Польшча.
"Меня, старого москвича и, главное, старого пожарного, резануло это слово… Что-то мелкое, убогое, обидное. … Так назывались особого рода нищие, являвшиеся в Москву на зимний сезон…" "Москва и москвичи. Под каланчой"

І што? Ясна, што гэта расійскае словаўжываньне, пагатоў, нават маскоўскае словаўжываньне, якое пашырылася на ўсю расійскую. Зь якога пераляку нам маскоўскія прахвэсійныя жарґанізмы пераносіць у БЕЛАРУСКУЮ? Прахвэсіянілізмы? — Не!

’От калі паўстане ў цяпершчыне дастатковая колькасьць БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ пажарнікаў-эмэнэсьнікаў-спагасьбітоў — тады й казацьмем пра їхныя прахвэсіяналізмы (дай-то, прахвэсійны жарґон у в’агульную мову звычайна ня так лёгка й пераносіцца). А чужых жарґанізмаў — далібог, нам ня трэба.

Так што — МУЖНЫЯ ПАЖАРНІКІ! (Так, і ПАЖАРНЫЯ можна).

А! І караблі ў нас ПЛАВАЮЦЬ, а ня "ходзяць", а то мне хто й пра беларускіх маракоў і їхны (беларускамоўны!) слэнґ раскажа!


Граматычныя дзівосы Беларускае чыгункі

Што цікава, машыністыя якраз на баранаўскім і слуцкім кірунках абвяшчаюць прыпынкі, робяць паведамленьні амаль заўжды ў беларускай, прытым някепскай, мове. А ’от вакзальныя партачы, відаць, карыстаюцца альтэрнатыўнаю граматыкаю (а дакладней, мала таго, што ня ведаюць беларускае на роўні мініму школьнае праґрамы, дык яшчэ й нахабна не жадаюць у кніжкі зазірнуць або параїцца з тым, хто ведае).

Па перыядаМ. ШтодзЕнна. Па датаМ.


Натуральны зьдзек ды годзе.
Ну, на шчыце вакзала дагэтуль герб БССР вісіць. Але за БССР якраз такое поскудзі не было (позьняга, прынамсі, пэрыяду, які я помню).

  • Current Mood
    angry angry

СУМНЫЯ НАВЕДЗІНЫ…

В’ось і абарвалася нітка, якая шчыльна зьвязвала мяне з Клецкам… Едучы туды начным цягніком, падумалася… што для нас родныя мясьціны? Я, хоч нарадзіўшыся ў Менску, успрымаю Клецак родным, Горадно мне аніяк не чужое таксама, гэта ўсё крэўнасьць; ну й сталіца, хоч я ўсё больш перастаю яе любіць, ня можа не кранаць нейкіх струн унутры, не выклікаць любасьці, асабліва маё прадмесьце, дзе жыву, хоч і нацярпеўся ў їм калісьці. Заўжды, разьяжджаючы на цягнікох ды гледзячы ў акно, я адчуваю сувязь. Сувязь з дамкамі, хаткамі, бывае, ґмахамі, што назіраю. Я магу паняць і ўспрыняць, што за людзі там жывуць, што їх турбуе... Не скажу, што багата дзе пабываў па Беларусі, але ўсё-такі пабываў у розных мясьцінах і пэўная сувязь ды роднаснасьць між їмі адсочваецца, асабліва тут маю мястэчкі, не буйныя месты. Таму, едучы міма якогась засьценка, адчуваеш цеплыню ў душы, нібыта там жыве нехта табе знаёмы й блізкі… Пэўне, з гэтага ласьне й складаецца першасна глыбінная, падспудная любоў да роднае країны, на нейкім простым падсьвядомым роўні — тут без сымболікі, ідэялёґії чы чаго такога їншага.

Хоч маё прабываньне ў Клецку было занадта тужлівае, але ня мог я "закрыць" в’ушы ды розум а не пачуць нечага. Скажам, чарговага разу пераканаўся, што не, памяць і сумленьне мяне не падводзяць, калі кажу некаторыя рэчы. Зразумеў нешта. Я ’от быў удаваўся — чаму прывык казаць загадзя́ адметна ад літаратурнага за́гадзя (сумняваўся ў сабе, чы так у нас кажуць, чы нямаведама скуль яно ў маїм маўленьні ўзялося) — што-ж, пачуў нават загадзе́! Пераканаўся чарговага разу, што ў нас садзЕцеся, бярЭце (загадны лад), памЕрла, а не памЁрла, калодзезь (як і ў слуцкіх гаворках), а не калодзеж, канеЧне, а не канеШне. (У нас — то-бок я пра Клеччыну). Пачуў оканьне ў пасьлянаціскных адкрытых складох (зьява не характэрная для самога мястэчка Клецку, але ў Клецкім павеце кажуць і так, ня кажучы пра суседнія, дый распаўсюджаная па ўсім абшары Паўднёва-заходняга дыялекту). Пачуў троху й тыя пакутныя закрытыя галосныя, аб якіх хто ня ведае, а хто, ведаючы толькі з кніг, пасьпеў адхрысьціцца. Нечага й не пачуў, але ўпэўненасьці, што памяць і чуцьцё не падводзяць, на мікрон паболела. Дый наагул, у трудны для сябе час пасядзець-пагутарыць за сталом зь людзьмі, якія прыродна беларускамоўныя без "прыбамбасаў", было нейкаю палёгкаю…

Уяжджаў раньнім ранкам у Клецак — была завіруха. Зьяжджаў днём — усё таяла. Прадвесьне — яно такое. Можа, і для натуральнае мовы ня ўсё згублена?

А Клецак я, пакуль жывы, усё адно наведвацьму…


Адрукоўка

Ня раз натыкаўся ў сеціве на такую сытуяцыю: нехта выпраўляе кашмарнае слова адрукоўка (няма такога ў беларускай мове!) — маўляў, гэта недарэчная калька з расійскае, трэба толькі памылка друку, а ў адказ адбрэхваюцца, што слова нармальнае, як заўжды пачынаючы мантру "мова разьвіваецца, мова зьмяняецца", пашыраючы яе да "мова імкнецца да спрашчэньня, мінімалізацыі". Ага, як-жа. Мінімалізацыя і эканомія сяродкаў тут ня мовы, а лянотных расійскамоўных мазґоў такіх "знаўцаў". Нешта ў расійскай ніхто не заклікае эканоміць моўныя сяродкі, кажучы "аистянка" заміж аистовое гнездо, дый нават знакамітую беларускарасійскую "шуфлядку" ніхто ў норму ўвесьці не сьпяшаецца. Эканомія моўных сяродкаў — гэта то, што хормы наведнік, распаўсюднік паступова бяруць верх над наведвальнікам і распаўсюджвальнікам, то, што зьмена (як дзеяньне) ужываецца часьцей за зьмяненьне, гэта зьяўленьне хормаў супраціў, распаўсюд побач з супраціўленьне, распаўсюджваньне і г. д.
А адрукоўка і пад. — гэта толькі вашы расійскамоўныя мазґі, спадары "мінімалізатары", лянота, нязнаньне, нежаданьне пераключацца ў їншую моўную парадыґму.

Зрэшты, што казаць — ’унь, вялікі "нармалізатар", галоўны рухавік апошніх зьмяненьняў у правапісе, "тожабеларус" ад мовазнаўства Їўчанкаў быў выдаў калісьці: "У законе аб правапісе памылак няма — толькі адрукоўкі." Але з гэтым таварышам і ягоным стаўленьнем да беларускае ўсё ясна.

Так што я таксама зэканомлю моўныя сяродкі: з "адрукоўкамі" — нах.й! Мінімалізуйце мову, у якой думаеце. А думаюць гэтакія "мінімалізатары" не пабеларуску.

P. S. Само-сабой, у слоўніках тае адрукоўкі няма (пакуль, дзякуй Богу).